КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),

старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.​Шэкспір, Б.​Шоу, П.​Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.​Цьепала, П.​П.​Рубенс і інш.).

Літ.:

Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;

Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Л.​М.​Драбовіч.

Клеапатра VII.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)